ХА́РКАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПнУ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 31,4 тыс. км². Нас. 2920, 4 тыс. чал. (2001), гарадскога 79,1%. Цэнтр — г. Харкаў. Найб. гарады: Лазавая, Ізюм, Купянск, Чугуеў, Багадухаў, Балаклея, Ваўчанск.

Паверхня — хвалістая раўніна, слабанахіленая на ПдЗ і ПдУ, парэзаная рачнымі далінамі, ярамі і лагчынамі. Большая частка ў межах Прыдняпроўскай нізіны. На Пн і ПнУ Сярэднярускае ўзв. (выш. да 236 м), на ПдУ адгор’і Данецкага кража. Карысныя выкапні: прыродны газ (Дняпроўска-Данецкая нафтагазаносная вобласць), нафта, буры і каменны вугаль, жал. руда, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Гал. рака — Северскі Данец з прытокамі Аскол, Уды, Мжа, Харкаў. На З рэкі Мерла, Каломак, Арэль, Бераставая, Самара (бас. р. Дняпро). Каля 50 вадасховішчаў, у т. л. Краснааскольскае, Печанежскае. Траса канала Дняпро—Данбас. Х.в. размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя і шэрыя ападзоленыя. Большая ч. тэр. разараная. Пад лесам і хмызнякамі каля 10% тэр. (дуб, ліпа, вяз, хвоя, клён, ясень, дзікая груша).

Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка. Развіты ваен.-прамысл. комплекс (вытв-сць танкаў і бранятэхнікі, ракетна-касм. тэхнікі). авіяц. (грамадз. і ваен. самалёты), трактарнае і с.-г. (трактары, рухавікі, трактарныя самаходныя шасі), энергет. (паравыя, гідраўл., газавыя турбіны і генератары), эл.-тэхн. машынабудаванне, станкабудаванне (шліфавальныя і агрэгатныя металарэзныя станкі), прыладабудаванне (дакладнае і мед.), інстр. прам-сць, вытв-сць абсталявання для вугальнай, паліграф. і харч. прам-сці. Здабыча (7 млрд. м³ штогод, 50% здабычы на Украіне) і перапрацоўка газу; радовішчы Шабялінскае, Яфрэмаўскае, Кегічоўскае, Красцішчанскае. Нафтаздабыча. Вытв-сць электраэнергіі на Зміёўскай ДРЭС, Харкаўскай ЦЭЦ і інш. Хім. (пластмасы, рэактывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, мед. прэпараты, гумава-тэхн. вырабы), дрэваапр. (мэбля, кардон, папера), харч. (цукр., мясная, малочная, алейная, кандытарская, мукамольна-крупяная, вінаробная, тытунёвая), камбікормавая, лёгкая (баваўняная, шарсцяная, гарбарна-абутковая, футравая, дывановая, швейная), фарфора-фаянсавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, сланечніка, мяса-малочнай жывёлагадоўлі, агародніцтве. Пл. с.-г. угоддзяў 2,4 млн. га, у т. л. ворныя землі — 1,9 млн. га (2001). Пасевы збожжавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, соя) і кармавых культур. Агародніцтва, бульбаводства. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Пчалярства. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 1442 км, аўтамаб. дарог 15 тыс. км. Буйныя чыг. вузлы: Харкаў, Лазавая, Купянск, Любацін. Гал. аўтамагістралі: Харкаў—Сімферопаль, Харкаў—Масква. Трубаправоды: Шабялінка—Харкаў, Шабялінка—Кіеў, Шабялінка—Данбас. Бальнеалагічныя курорты: Бярозаўскія Мінер. Воды, Рай-Яленаўка.

В.​М.​Корзун.

т. 16, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)